«ЧЫРВО́НЫЯ КХМЕ́РЫ»,
неафіцыйная назва членаў Камуніст. партыі Камбоджы, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях. Напачатку ўваходзіла ў Нац. адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіянукам у Кітаі. Пасля таго як атрады НАФК занялі сталіцу г. Пномпень (1975), уладу ў краіне захапілі «Ч.к.», а іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 Нарадома Сіянука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 краіна стала наз. Дэмакр. рэспубліка Кампучыя. У час праўлення «Ч.к.» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн. чал.). У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Ч.к.», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студз. 1979 «Ч.к.» адхілены ад улады, але працягвалі партыз. барацьбу супраць новага ўрада і в’етн. войск. Пасля перамогі Нарадома Сіянука на выбарах 1993 («Ч.к.» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) урадавыя войскі Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Камбоджа.
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)